Таварыства – толькі там, дзе двое ?
Нягледзячы на тое, што Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае розныя прававыя формы для арганізацыі бізнэсу, для бізнэсмена з намерам заснаваць і весці справы індывідуальна без капаньёнаў выбар формы кампаніі, мякка кажучы, абмежаваны. Па беларускім праве адзін заснавальнік (фізічная ці юрыдычная асоба) можа быць толькі ва унітарным прадпрыемстве. Такое правіла стварае дадатковыя абмежаванні пры стварэнні кампаній і пры гэтым можа быць патлумачана хіба толькі лексічным значэннем слова “таварыства”…
Унітарнае прадпрыемства – найменш гібкая прававая форма, працэс рэарганізацыі і продажу якой ускладнены асаблівым маёмасным статусам УП. У адрозненне ад акцыянерных таварыстваў і таварыстваў з абмежаванай адказнасцю унітарнае прадпрыемства не мае права уласнасці на маёмасць, але яму належыць толькі права гаспадарчага кіравання (права ўласнасці на маёмасць захоўвае заснавальнік прадпрыемства).
Такім чынам, найбольш папулярная і ў большасці выпадкаў аптымальная для малога і сярэдняга бізнэсу арганізацыйна-правая форма – таварыства з абмежаванай адказнасцю (ТАА), таксама як і таварыства с дадатковай адказнасцю (ТДА) – не можа быць заснавана адной асобай. Мінімальная колькасць удзельнікаў ТАА і ТДА – два, а максімальная – пяцьдзесят.
Разам з тым, у Еўрапейскім саюзе згодна з 12-й дырэктывай “Аб кампаніі аднаго удзельніка” №89/667 ад 22.12.1989 усе дзяржавы забяспечваюць магчымасць стварэння таварыства з адмежаванай адказнасцю адным удзельнікам, а таксама захавання кампаній, колькасць удзельнікаў якіх паменшылася да аднаго. Таксама Грамадзянскі кодэкс Расійскай Федэрацыі прадугледжвае магчымасць стварэння ТАА адным заснавальнікам.
Спадзяемся, беларускі заканадаўца ў бліжэйшы час таксама заменіць лінгвістычную логіку на больш рацыянальны падыход і дазволіць стварэнне таварыства з адмежаванай адказнасцю, таварыства с дадатковай адказнасцю адным удзельнікам.




